ТАРЫ́ФНАЯ СЕ́ТКА,

шкала, якая ў форме тарыфных каэфіцыентаў вызначае суадносіны тарыфных ставак работнікаў розных разрадаў; адзін з асн. элементаў тарыфнай сістэмы. З яе дапамогай робіцца дыферэнцыяцыя і рэгуляванне асн. часткі заработнай платы розных прафес.-кваліфікацыйных груп работнікаў у залежнасці ад значэння галіны эканомікі, складанасці, зместу і спецыфікі працы у рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў, агульных умоў працы. Складаецца з тарыфных разрадаў і тарыфных каэфіцыентаў, якія ім адпавядаюць.

На Беларусі колькасць разрадаў і міжразрадныя суадносіны тарыфных каэф. з часу ўвядзення «Адзінай тарыфнай сеткі Рэспублікі Беларусь» (студз. 1992) мяняліся некалькі разоў у залежнасці ад тарыфных ставак 1-га разраду, а таксама ў сувязі з інфляцыяй і фін. магчымасцямі дзяржавы. На 1.1.2002 існуе 27-разрадная сетка з суадносінамі паміж крайнімі разрадамі 1 : 7,84. Рабочыя ўсіх галін эканомікі размеркаваны з 1-га па 8-ы разрад уключна. Некаторыя прафесіі рабочых (грузчыкі, вадзіцелі, ліфцёры і інш.) у тарыфна-кваліфікацыйны даведнік не ўнесены і ім устаноўлены месячныя аклады. У катэгорыі служачых вылучаны наст. групы: тэхн. выканаўцы (з 5-га па 10-ы разрад), спецыялісты ўсіх галін эканомікі (з 10-га па 15-ы разрад), кіраўнікі падраздзяленняў (з 14-га па 23-і разрад), кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў (з 16-га па 23-і разрад) і інш. У бюджэтнай сферы з 8-га па 21-ы разрад размеркаваны работнікі культуры, уключаючы кіраўнікоў, з 13-га па 17-ы — урачы, з 17-га па 23-і — кіраўнікі мед. устаноў, з 16-га па 21-ы — навук. супрацоўнікі, з 22-га па 27-ы — кіраўнікі ВНУ. У залежнасці ад умоў працы, меры адказнасці і інш. да тарыфных ставак рабочых адпаведных разрадаў ужываецца каэф. павышэння ставак (напр., у рабочых, якія працуюць у шахтах, на буд-ве метрапалітэна ён складае 1,9).

т. 15, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)